Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 18 из 173

З'есці збіраліся мы гэтую душагубку, ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца – і ўсё.

Мірон змоўк. Усё роўна справы не паправіш. А спадзявацца на дапамогу няма чаго. Ніхто іх тут не ведае. Калі і бачыў хто, што паплылі недзе нейкія два хлопцы, то нікому не прыйдзе ў галаву пацікавіцца, дзе яны дзеліся. Прыйдзецца самім шукаць дарогу.

Паветра рабілася ўсё больш сырым і халодным. Добра яшчэ, што ветру не было. Крыху дапамагала таксама тое, што, шчыльна прытуліўшыся, яны маглі грэць адзін аднаго.

Час цягнуўся марудна. Голад і холад не давалі заснуць. Хлопцы вымушаны былі варочацца з боку на бок. Задрамалі, але хутка так змерзлі, што пачалі ляскаць зубамі. Было, мусіць, пасля поўначы. Віктар не вытрымаў і ўскочыў.

– Гэй, уставай! – штурхануў ён Мірона.

– А? Чаго?…

– Выклікаю цябе на спаборніцтва!

– А? Што?…

– Уставай дужацца!

– Што? Чаго? – мармытаў Мірон. – Не лезь!

Але Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Мірон не толькі ачухаўся, але раззлаваўся.

– Ты чаго лезеш? – закрычаў ён. – Чаго спаць не даеш? Я цябе зараз…

– Ціха, ціха! – сказаў Віктар. – Я цябе не біцца выклікаю, а дужацца. Дужацца, каб сагрэцца. Разумееш?

– А!…

І сярод начной цішы пачалася дужанка… Віктару хутка ўдалося паваліць Мірона. Той пакрыўдзіўся:

– Пачакай! Пачакай! Ты ж не даў мне добра ўзяцца, адразу накінуўся. Давай яшчэ раз, вось так. Пагледзімо, як цяпер…

І дужанка зноў пачалася, ды яшчэ як заўзята!…

Змарыліся, паляглі.

|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]