Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 23 из 173



– Ты ж толькі што казаў, што хацеў бы пажыць тут некалькі дзён, – упікнуў Мірон.

– Ану цябе! – махнуў рукой Віктар.

Потым ён схіліўся і пачаў скубці ды есці нейкую траву. Прыгледзеўся Мірон і ўбачыў светленькія далікатныя круглыя лісточкі так званай «заечай капусты».

– Значыцца, будзем абедаць? – сказаў ён.

Палажылі сваю здабычу і пачалі «пасвіцца».

Доўга яны жывіліся, змарыліся яшчэ болей. Нарэшце Мірон спыніўся і сказаў:

– Годзе ўжо, а то яшчэ захварэць можна.

Пасля «абеду» захацелася піць. Вада ў возеры была мутная. Трэба было шукаць лужыны, дзе яна адстаялася. Гэтая вада і была іх адзінай ежай за апошнія суткі.

Было гадзіны тры-чатыры пасля поўдня.

– Ідзём цяпер на захад, можа, там выберамся, – сказаў Мірон.

Пайшлі на захад. Мясцовасць была некаторы час даволі высокая. Пайшоў прыгожы сухі бор. Але хутка зноў уткнуліся ў балота. Прыйшлося паварочваць направа.

Віктар раззлаваўся:

– Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на старое месца. Скідай штаны! Трэба чаго б ні каштавала вырвацца адсюль. Тым болей што з гэтага боку возера няма, а толькі балота.

Яны адважна рынуліся ў багавінне. Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Праціскаліся, караскаліся, скакалі з купіны на купіну, загразалі, выцягвалі адзін аднаго, пакуль… зноў не ўбачылі возера!

– Значыцца… мы на востраве?! – амаль шэптам сказаў Віктар.

– Невядома яшчэ, – запярэчыў Мірон.

|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]