Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 25 из 173



– Ну, калі прыйдзецца паміраць з голаду, то можна не толькі сырога зайца, але і пугача з'есці. Ад мяса, хоць і сырога, людзі не паміраюць.

Спакойныя разважанні Мірона трохі супакоілі і Віктара. Прынамсі, цяпер яны ведаюць, што іх чакае і што ім трэба рабіць.

– Вось тваё жаданне і збылося, – усміхнуўся Мірон. – Можаш цяпер і агонь здабываць, і жыць тут, як дзікун.

– Яно так, – паскроб патыліцу Віктар, – але на справе гэта зусім не так добра, як здавалася раней.

Сонца спускалася за лес. Апошнія праменні яго слізганулі па воднай прасторы, а затым накіраваліся ўгору. Загарэліся верхавіны дрэў, нібы сонца цяпер асвятляла іх больш, як удзень. Зайгралі на небе рознакаляровыя воблачкі, якіх, здаецца, да гэтага часу і не было. Ад вады дыхнуў халадок. Цішыня была поўная.

Пачуццё адзіноты ахапіла хлопцаў. Чаго яны сюды забраліся, далёка ад людзей, ад сваіх блізкіх? Што ім тут рабіць? А калі і як выберуцца – яшчэ невядома. Нездарма з іх смяяліся таварышы, калі пачулі аб іх намеры. Такія думкі ўпарта лезлі ў галаву і Віктару і Мірону, але гонар не дазваляў прызнацца ў гэтым не толькі перад таварышам, але і перад самім сабою. Голад, які яны сцішалі толькі вадой, з кожнай хвілінай мучыў іх усё больш і больш. Па меры таго як садзілася сонца, узмацняўся і холад.

– Давай рабіць бярлогу! – крыкнуў Віктар, страсянуўшы плячыма, нібы адганяючы ад сябе і холад, і голад, і сумныя думкі.

|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]