Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
24 из 173
– Па-першае, мы не ведаем чацвёртага боку, а па-другое, бачыш, з вады вытыркаюцца кусты і нават дрэвы. Значыцца, гэта толькі паводка. Пойдзем хутчэй назад, каб паспець да вечара агледзець апошні бок.
Непрыемная была справа наогул, але цяпер больш за ўсё было крыўдна, што дарэмнымі аказаліся ўсе іх гераічныя намаганні. Хлопцы прасунуліся досыць далёка, і цяпер столькі ж трэба было ісці назад.
Выбраўшыся на сухое месца, яны зараз жа, нават не памыўшыся, накіраваліся на поўнач. Тут менш было клопату: адразу пераканаліся, што выйсці нельга. З гэтага боку яшчэ загіналася і возера, а між ім і берагам залягала на два-тры кіламетры балота.
Калі надышоў вечар, хлопцы стаялі каля таго самага дрэва, якое дало ім першы прытулак…
– Ну, што скажаш на ўсё гэта? – звярнуўся Віктар да Мірона.
– Скажу, што наша становішча ў тысячу разоў лепшае, чым у тых, хто трапіў на пустынны і бязлюдны востраў сярод акіяна. А мы не раз зайздросцілі ім, калі чыталі пра гэта ў кнігах.
– Дзякую табе за такую дабрату.
– Хіба няпраўда? Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. А ў тых людзей такой надзеі не было.
– Добра казаць – тыдзень ці два. А як пражыць іх?
– А гэта ўжо будзе залежаць ад нас саміх.
– Хіба хто выпадкова заедзе сюды?
– Лепш на гэта не спадзявацца, бо з кожным днём возера будзе адсоўвацца ад нас і застанецца балота, праз якое ніхто не палезе.
– Але ж з голаду дайсці можна за гэты час! Я ўжо не магу больш цярпець.
|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|