Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 26 из 173



У пясчаную ямку, дзе начавалі мінулую ноч, яны звалаклі ўсё сухое, што маглі знайсці вакол сябе, і ў дадатак яшчэ наламалі кучу яловых лапак. Атрымалася бярлога, ад якой не адмовіўся б і сам мядзведзь.

Хлопцы залезлі ў яе, некаторы час прыладжваліся і круціліся, як квактуха ў гняздзе, затым сцішыліся. Але, нягледзячы на стомленасць, адразу заснуць не маглі. Становішча, у якім яны так нечакана апынуліся, было вельмі непрыемнае. Ці паспеюць яны вярнуцца да пачатку заняткаў у тэхнікуме? Колькі дзён трэба на тое, каб вада сышла? Як пражыць гэтыя дні? Колькі трывогі будзе дома, калі яны спозняцца!… Адным словам, было над чым задумацца.



IV

Вось табе і няхітрая навука! – Прыйшлося пакаштаваць сырога зайца. – Дынама-машына. – Агонь! – Крыўда Віктара. – Навуковая дыскусія.



– Толькі пачатак цяжкі, – казаў раніцою Мірон, устаючы, – а вось другая ноч была зусім нядрэнная. Можа, і да голаду прывыкнуць можна будзе. Прынамсі, цяпер я не адчуваю яго.

Не адчуваў голаду пакуль што і Віктар, толькі ў роце было неяк нядобра.

Паўстала пытанне, што спачатку рабіць: ці «хату» будаваць, ці агонь здабываць? Спрачацца не прыйшлося – аднагалосна прызналі, што агонь важней. Але як прыступіцца да гэтай справы?

– Неяк церці ды круціць трэба сухія трэскі, – прамовіў Віктар. – А як яно робіцца – ты ведаеш?

– Ну, гэта навука няхітрая, – адказаў Мірон.

Узялі два сухія кавалкі і пачалі церці адзін аб адзін. Церлі доўга, цярпліва, некалькі разоў мяняліся. Але агню не было. Праўда, кавалкі так нагрэліся, што дакрануцца да іх нельга было.

|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]