Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
89 из 173
Сёння пачнуць нас усюды шукаць, толькі не тут…
– Можа, які сігнал можна даць? – сказаў Віктар.
– Каму ты дасі праз некалькі кіламетраў балот ды лясоў? – адказаў Мірон. – Я думаю, нам варта перасяліцца на той востраў, дзе мы ўчора былі. Усё ж такі бліжэй да людзей.
– Адкуль ты ведаеш, што бліжэй? Можа, зусім наадварот. А тут, на беразе…
– На якім беразе? – перапыніў Мірон. – Хіба ты не бачыш, што возера ў нас ужо няма? Вунь куды яно адсунулася. І адтуль па балоце, напэўна, ніхто да нас не падыдзе.
– А з лесу таксама ніхто да нас праз балота не пройдзе.
– А мы нікога не будзем чакаць, мы самі пойдзем, як падсохне.
– Можа, у ліпені і падсохне, але як дажыць да гэтага часу? – пахмура казаў Віктар.
– Дагэтуль было горш і то пражылі, а там пойдуць грыбы, ягады.
– Падохнем ад гэткай ежы. Глянь, якія ўжо мы зрабіліся, – Віктар паглядзеў на свае кастлявыя рукі. – А ты, брат, зусім на Дон Кіхота стаў падобны.
Мірон уважліва паглядзеў на свайго таварыша і толькі цяпер заўважыў, як той змяніўся за гэты час: не толькі шчокі, але і нос, і рот, і нават вочы здаваліся не тымі.
– А ты на Санча Панса зусім не падобны, – сказаў Мірон, усміхнуўшыся. – Давай тады паснедаем. Ёсць печаная рыба, ды сушанай, можа, хопіць на два-тры дні. Ёсць яшчэ аер, бярозавы сок.
– А там зноў завядзём хатнюю жывёлу! – ужо весела падхапіў Віктар.
Пасля снедання настрой у хлопцаў яшчэ больш палепшыўся.
– Хадзем на паляванне! – крыкнуў Віктар. – Ды памыемся дзе-небудзь.
|< Пред. 87 88 89 90 91 След. >|