Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 91 из 173



– Калі прыцісне бяда, можна будзе і жаб пакаштаваць, не гэтых, а тых, што на зямлі. Трэба думаць, што рэч няшкодная.

– Калі трэба будзе, пакаштуем і жаб, – са смешнай пакорлівасцю ўздыхнуў Мірон.

Нічога больш спажыўнага на гэты раз не здабылі.

– Добра, што хоць крыху папасвіліся, – казалі хлопцы, калі ішлі дадому.

Сонца ўжо заходзіла, калі яны вярнуліся на сваю стаянку. Паправілі вогнішча. Агонь весела затрашчаў. Пасля ўчарашніх турбот іх «дом» здаваўся такім прытульным, родным, нібы яны тут і нарадзіліся.

– Няма чаго дурыцца, заўтра абавязкова пайду памыюся, – нездаволена бурчаў Мірон. – А ты як сабе хочаш.

– Заўтра і я пайду, – са смехам адказаў Віктар. – Але вось што: адной чарапахі для чаю мала, трэба яшчэ пасудзіну зрабіць з бяросты.

– Рэч добрая, – згадзіўся Мірон.

Віктар адышоўся да бярозы.

І раптам ён закрычаў так, што рэха пакацілася па ўсім лесе:

– Мірон! Што гэта такое?!

Мірон ускочыў, нібы яго хто тыцнуў пад бок. Падбег да Віктара і ўбачыў, што той падымае з зямлі недакурак.

– Што гэта такое?! – паўтарыў Віктар.

– Недакурак, – спакойна адказаў Мірон.

– Адкуль?! – зароў Віктар.

Тут ужо і Мірон сцяміў, што справа сур'ёзная.

– Пакажы, – прамовіў ён дрыжачым голасам.

Недакурак быў сухі, свежы…

Хлопцы пазіралі адзін на аднаго, як ачмурэлыя.

– Можа, ты? – шэптам запытаўся Віктар.

– Ідзі ты к ліху! – раззлаваўся Мірон. – Хутчэй ты сам.

|< Пред. 89 90 91 92 93 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]