Страница:
101 из 129
Вачыма, затуманенымі стомай, ён цьмяна бачыў, што па шашы рухаецца шэрая маса, а над ёю нешта блішчыць. І ён думаў, яму хацелася так думаць, што гэта ідзе яму насустрач родная, пахнучая малаком чарада і рогі блішчаць на веснім сонцы. І таму ён ішоў проста напярэймы гэтай чарадзе.
Чарада была чарадой, але не чарадой жывёлы. Ва ўсякім разе, не чарадой той жывёлы, якую хацеў сустрэць бык.
— Салдаты, — раптам нема закрычаў Багатыроў. — Салдаты на шашы.
— Ды што такога? — спытаў Чыўін.
— Застрэляць. Застрэляць быка і сабак. Чорт з імі, з быкамі! Бушуюшка! Гал-лубушка!
— Чорт з імі, з сабакамі, — сказаў раптам нечы голас. — Вось бык — гэты заслужыў… заслужыў свабоду.
Алесь глянуў туды і ўбачыў сівога старога ў палкоўніцкім мундзіры і ў шынялі, накінутым паўзверх яго. Стары чымсьці нагадваў яму дзядзьку Яроцкага.
— Крычыце ім, крычыце ім, пан Калашнікаў. — На вачах Багатырова была вільгаць. — Крыкніце ім, каб не стралялі!
— Далёка, — сказаў палкоўнік.
Бык ішоў, правальваючыся ў гразь. Згінаўся ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо не нагамі, а бакамі цягнуліся па гразі псы.
Але ён ішоў. Над ягонай галавою звінелі ў сляпучым ззянні жаўрукі, і ён ішоў насустрач ім, з апошняй сілы цягнучы на карку свой крыж.
— Мяснікі! Хлопцы! Стрэльбы! Страляйце ў яго! — крычаў Багатыроў.
— Татка, не трэ…!!!
А бык ішоў. Жаўрукі звінелі ў ззянні, і ён ішоў да іх. Ішоў да добрай шэрай чарады, што рухалася па дарозе.
|< Пред. 99 100 101 102 103 След. >|