Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 103 из 129

З крыкамі беглі да яго па раллі мяснікі. Накінулі па рогі распетлі, пінкамі разагналі сабак, павялі да круга.

Наперадзе, нізка апусціўшы галаву, трухаў Лебедзь. Падышоў, торкнуўся халодным носам у Алесеву далонь.

Багатыроў калаціўся, абмацваючы Бушуя і Галубога. Тыя ледзь дыхалі, але глыбокіх ран у іх не было.

Бык рахмана стаяў убаку і непрыкметна цягнуў морду ў бок сонца і жаўрукоў.

— А з Лебедзем што цяпер загадаеце рабіць, барын? — аддыхаўшыся, спытаў Багатыроў.

— Не ведаю. Хіба ўзяць з сабою?

— Д-добра, — сказаў жывадзёр. — А за тое, што такое мне зрабілі, мо возьмеце яшчэ і шчанюка? Вось унука ягонага-с. Га?

— Чаму не.

Багатыроў шчасна засмяяўся.

— Ах, барын, барын, даражэнькі мой! Бушуй, Галубы! Пёсікі мае! Ды хай ён яшчэ сто гадоў жыве, той бугай, — і раптам зарагатаў. — А бугая?! Бугая куды?! Можа, таксама з сабою?! Можа, у паперку загарнуць?!

Усе глядзелі на быка ў непаразуменні. Што, сапраўды, рабіць з вызваленым жыццём? Куды яго? Не ў брычку ж садзіць ды везці з сабою?

І раптам Калашнікаў з захапленнем вылаяўся:

— Не, я вам яго ў брычку садзіць не дам. Такі баец! Такі найлепшы ў свеце баец! Гэта ж падумаць, з-пад сцегаўца выдрацца, трыццаць пудоў на сябе насіць, браму выламаць, усю гэтую навалач разагнаць, чатырох такіх псоў скінуць! Як-кі баец!

І звярнуўся да Алеся:

— Мне аддайце. Аддайце мне. Слова афіцэра, да скону паю-кармлю.

|< Пред. 101 102 103 104 105 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]