Страница:
109 из 129
Дзейнічаць трэба было рашуча, не вагаючыся ані на хвіліну, і нават пры гэтай умове больш шанцаў было на тое, што ім не выйсці жывымі. Іх чацвёра ішлі на гэта свядома. Алесь і Кандрат — як кроўныя, Мсціслаў — з-за Янькі і сяброўства, Кірдун — бо сюды ішоў Алесь. І ён не шкадаваў траіх новых. Самі селі за стол з Хлюстом, самі напалі на брычку, самі павінны былі б загінуць ад нажа, каб не ён, Алесь. Хай плацяць.
…І вось ён сядзеў і праз апушчаныя веі бачыў, як блішчыць пад сонцам забрукаваны кавалак дарогі, як — калі павесці вачыма направа — брук скончыцца і пойдзе гразь да самага Ніжняга, увалы і шлях, які то нырае ў лагчыны, то (далёка-далёка) узбягае на грады.
А калі паглядзець налева — убачыш голы, але ўжо трошачкі зялёны масіў Ізмайлаўскага звярынца і дарогу.
І на дарозе — ані душы.
А вунь там абдзертае, іржавае золата купалоў Усясвяцкага манастыра. А на дарозе — ані душы.
«Што магло здарыцца з этапам? Чаму не паўзе?»
Алесь быў на адпраўцы мінулага этапа. І вось ён сядзеў і ўяўляў.
…Жоўты, абдзерты дом ля заставы. Ля яго — ціснуцца. Большасць тых, што праводзіць, адстае ад этапа тут: прыміраецца. А частка адстае унь там, каля «слёзнага» Ляснога вострава за тры вярсты адсюль. Што ісці далей? Не дазваляюць, дый не трэба, усё адно не дапаможаш. І чаму там толькі не засыхаюць бярозы?… Столькі слёз… Назаўсёды разлука.
…І вось выводзяць з жоўтага этапнага дома людзей. Вісіць над галовамі галошанне, бабы ломяць рукі, мужыкі глядзяць у зямлю.
|< Пред. 107 108 109 110 111 След. >|