Страница:
108 из 129
Чортз ім, няхай на вуліцах Рагожскай таксама хапае свінства, і фанатызму, і цемры. Няхай дахі на гэтых вулках, на Цялежнай, Вароняй і Хіве, бурыя ад чаю (бяруць у тракцірах спіты чай, сушаць яго на дахах і, дабаўляючы рознае, робяць «сапраўдны кяхцінскі» чай для простанароддзя — усе гэтыя «рагожскія кітайцы»), няхай на вулках тут лужыны, няхай жыццё закарэлае.
Усё адно. Таму што яны трымаюцца ў чысціні, працуюць, таму што іх гоняць, таму што слава тым, каго гоняць, таму што яны вераць, няхай у цёмнае — абы толькі не ў боскасць цароў і іхняга быдла.
…І палонны блакіт Круціцкага церамка.
Чыўін сустрэў Алесеў прыезд спакойна.
— Значыцца, дні тры не будзеш?
— Не.
— Ну што ж, я задаволены. І тваімі… камісійнымі, і табой. І тым, што ведаеш нас, што разумееш… Значыцца, скора і дадому?
— Скора.
— Я ведаю. То бывай.
— Дзяніс Авакумыч, — ахнуў Алесь. — Ды як вы падумалі, што я знікну?
— Справа можа прымусіць.
— А я ўсё ж заеду. А каб паверылі, пакіну ў вас Лебедзя і шчанюка.
— Ну, глядзі, — павесялеў стары
…Незадаволены быў удзелам новавяскоўцаў адзін Кірдун. Бурчаў:
— Звязаўся з атрэб'ем, з пазадкамі… Кня-язь…
— Кінь. Самому брыдка.
— То нашто?
— Андрэй — вось нашто. Ён праз мяне, калі падумаць, сеў. А ты згодзішся ўчатырох на этап напасці? На палову ўзвода каравульных?
— Усямёх таксама не цукар…
— То вось і маўчы.
Алесь сам ведаў: рызыка страшная.
|< Пред. 106 107 108 109 110 След. >|