Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 107 из 129

І, супернічаючы з ім у бляску, калыхаліся ў паветры вязкі запырсканых сонцам паветраных шароў, нібы налітых небам, сонечным сідрам або крывёй.

Прадавалі «амерыканскіх жыхароў», закаркаваных у шкляных слоіках з вадой, — і сонца гуляла ў вадзе. Прадавалі «цешчыны языкі», што разгортваюцца да пояса, калі дзьмухнеш, — і сонца скакала на чырвоных языках.

Але чым далей да ўскраіны, тым больш было п'яных у лахманах — і тое ж самае сонца бессаромна гуляла ў прарэхах.

Такія жабракі, што і на вялікдзень няма чаго апрануць.

Заліты сонцам, заліты блакітным святлом, Алесь стараўся не глядзець на зямлю. І вось убачыў…

…Плыў над усім гэтым п'яным свінствам і дзікасцю, над лахманамі і золатам, над зверствам — нятленны, сіні контур Круціцкага церамка. Нешта сціснула Алесева сэрца. Упершыню за многія дні сціснула. Пяшчотай і болем.

— Родны мой! Палонны! Святы! Як жа цябе вызваліць? Як ачысціць ад гною і бруду? Як?

Ён разумеў жыхароў Рагожскай, што ішлі ў лазню са сваімі тазамі. Не ў тым справа, што з ніканіянскіх грэх мыцца. Усе ўскраіны горада, усе яго гандлёвыя рады, усе раскошныя палацы былі такім гнайніком, што да яго брыдка было датыкнуцца.

Дзеці ў лазні гуляюць вадою. Пераліваюць яе слоікамі, рукамі, кубкамі. Нельга, каб яны гулялі вадою ў тым самым тазе, з якога мыўся нейкі там Кірушка, хоць ён усяго халуй тых, што ў агульныя лазні не ходзяць.

…І палонны блакіт Круціцкага церамка*.

* Круціцкі церамок на Круціцкім падвор'і пабудавалі пры цару Аляксею Міхайлавічу палонныя майстры з Беларусі.

|< Пред. 105 106 107 108 109 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]