Страница:
122 из 129
Сталі каля Алеся, Шчалканава і Кірдуна.
Алесь глядзеў на рыжага Міхалку Сямёнаўскага, на Ваську Снапа, на ўсіх іншых, якія ледзь не пазбавілі яго жыцця, а сёння сумленна дапамаглі зрабіць смяротна небяспечную справу.
— Ну вось, чынчаль-мінчаль, — сказаў Шчалканаў. — Што зроблена, тое зроблена. Цяпер справа наша старонняя. Цяпер нам у тракцір пад назвай «А я ўвесь час тут». У «Воўчую даліну». Нічога мы не бачылі, нічога не чулі.
— Там Хлюст, — сказаў Міхайла.
— Хлюсту грошы ў зубы, а нож у бок… І вось яшчэ што: калі нехта пачне выхваляцца, я яму сам Хлюстаў падаруначак паднясу.
— Глядзі, як бы нам табе не давялося такога гасцінчыка даваць, — усміхаючыся, сказаў Сноп.
Шчалканаў выпраміўся.
— Не будзе гэтага, андроны… Ну, хадзем.
— Чакайце, хлопцы, — сказаў Алесь.
Ён дастаў грошы.
— Бярыце яшчэ па пяцьдзесят.
— За што? — спытаў Сноп.
— За тое, што ў тым яры мяне не дабілі, — сказаў Алесь. — Падзяка, так бы мовіць.
Новавяскоўцы зарагаталі. Узялі. Пагойдвалі галовамі.
Алесь працягнуў крэдытку Шчалканаву. Але той раптам уздыхнуў і мякка адвёў Алесеву руку.
— Не.
— Чаму?
— А я жаўцякоў для прыслугі купляць не збіраюся… Абет ёсць абет…
Задуменна пакруціў галавою.
|< Пред. 120 121 122 123 124 След. >|