Страница:
123 из 129
— Гэх, казанскі! Вось гэта жыццё!… Ну, казанскі, цалавацца не будзем, а то яшчэ ненарокам кусану за тое, што сваім жыццём жывеш… Не жыццё ў цябе, казанскі, а Кіцеж… А руку дай…
Князь і разбойнік падалі адзін аднаму рукі. Шчалканаў нейкім адчайным, сутаргавым рухам сціснуў Алесеву руку. Потым рэзка адкінуў.
— Усё. Бывай, казанскі.
І пайшоў не азіраючыся. Новавяскоўцы рушылі за ім. Нізкае сонца зырка гарэла за імі, і яны здаваліся не постацямі з плоці і крыві, а проста цёмнымі сілуэтамі, выразанымі з кардону: рухомыя лялькі з тэатра ценяў.
Зніклі. Кірдун і Алесь павярнуліся і пайшлі да коней.
Скручаная папараць. Салатная пад сонцам трава. Толькі тут Алесь адчуў, як яму не хапала ўсе гэтыя гадзіны Андрэя Кагута. Ён мусіў стрымлівацца, каб усё было лепей, ён быў у гэтыя часы не проста чалавек, не брат і не друг, а галава. Ён не мог пасадзіць вызваленага ў брычку і — махнуць да ўсіх д'яблаў.
…А людзі між тым выйшлі з лесу і стаялі ля запрэжак. І сярод усіх Алесь, усё паскараючы крокі, убачыў Андрэя, які стаяў нерухома, быццам адмовіліся слухацца ногі, і толькі недарэчна гладзіў сябе па грудзях.
— Вось і я, — сказаў Алесь. — Вось і я, братка…
Быў поплаў, і на ім звінеў голас… Былі ловы, калі чалавек з гэтым голасам перавозіў цераз Дняпро Галінку Кахно… Быў бунт, калі гэты голас умаўляў Кандрата… Быў кірмаш, на якім гэты голас спяваў Алесеву песню… Было Балота, на якім білі пугай чалавека з такой падобнай патыліцай.
І вось перад ім стаяў чалавек з сінімі вялізнымі вачыма, са змучанай, добрай, амаль жаноцкай усмешкай. Друг, брат, дарагі чалавек.
— Алесь, А-лесь, — сказаў Андрэй.
|< Пред. 121 122 123 124 125 След. >|