Страница:
124 из 129
Ён зрабіў крок, і ногі рухаліся ўсё яшчэ ненатуральна, хаця ён быў пераапрануты ў запасны Алесеў гарнітур.
Абдымаючы адзін аднаго, яны маўчалі. І сярод усіх, здаецца, не плакалі толькі яны.
…Колы спачатку скакалі па карэннях на лясной дарозе, потым прашалахцелі праз шлях, потым каціліся полем, потым — ужо ў змроку — шалёна калаціліся па байраках і каранях на дарозе ў Ізмайлаўскім звярынцы.
Імкнуліся насустрач дрэвы. Веснія зоры гарэлі ў галлі. А два чалавекі ў задняй брычцы ўсё яшчэ маўчалі. І гэтае маўчанне было маўчаннем такой блізкасці, якая рэдка бывае між людзьмі.
І толькі калі блізкая была ўжо лапцеўская падстава, Андрэй раптам сказаў:
— Двух рэчаў не забуду, Алесь. Таго, што ты сёння зрабіў, і яшчэ двара Бутырскай турмы.
— Мо не трэба?
— Трэба. Апошні раз. Каб ведаў. Потым ужо не буду.
— Ну, — сціснуў у цемры ягоную руку Алесь.
— Разумееш, двор. І тут вежа. А ў ёй, кажуць, Ямелька Пугачоў сядзеў.
Голас Андрэя раптам пачаў зрывацца.
— Я не Пугач. Я маленькі чалавек. Мы ўсе маленкія людзі. Давалі б нам зямлю араць ды спяваць сваё не перашкаджалі. Я араў. Усё жыццё араў. І аднойчы заспяваў. І атрымалася: я — Пугач. Атрымалася: досыць заспяваць.
— Песня, брат, была не з мірных.
— Ведаю. Для іх. А мне што? Ну няхай яна для іх нямірная. А мне што?! Для мяне, для цябе, для яго ёсць у той песні зло? Няма. То што нам да іхняга гневу?!
Ён скрыгануў зубамі.
— Мы гаспадары. Не салдаты, а мы.
|< Пред. 122 123 124 125 126 След. >|