Страница:
3 из 129
— Я т-табе дам хаўрус, хам, — сказаў Мсціслаў. — Ведай сваё месца. Ты — слуга, а ніякі мне не хаўруснік.
— Так трэба, Кандрат, — сказаў Алесь. — Наш тракцір на Іллінцы, у самым гандлёвым цэнтры, Андрэя павязуць добра калі праз два месяцы. За гэты час я павінен наладзіць сувязі з гандлярамі… І не толькі легальнымі, а і падспуднымі, Давядзецца зведаць увесь патаемны рынак, стаць там сваім чалавекам.
— То што?
— Гэта не тое што купіць стрэльбу на дыван над ложкам, — сурова сказаў Алесь. — Нам усё ж трэба дзве тысячы стрэльбаў, столькі ж халоднай зброі, ды жалеза для паробак, ды паперы, бо ў Кастуся зрываецца справа.
— Можна было і бліжэй купіць, — сказаў Мсціслаў. — Паперу — у Добрушы, на паскевічаўскай мануфактуры. Зброю — недзе ў Польшчы ці ў Рызе.
— Угу, — іранічна сказаў Алесь. — Там, дзе сочаць… Не, брат, калі купляць, то там, дзе пра гэта і не падумаюць, у самым логаве… Нават і тут будзе небяспечна. То я вас падводзіць не буду… Калі са мной нешта здарыцца — самі вызваляйце Андрэя.
— А ты? — спытаў Кандрат.
— Я выблытаюся… Слухайце, як будзеце рабіць. Яго, вядома, прывязуць у Бутыркі. Звядзі, Мсціслаў, знаёмства з людзьмі. Пастарайся загадзя падкупіць ката, каб біў памяркоўна.
— Няўжо будзе бізун? — спытаў Кагут.
— Абавязкова будзе, Кандрат… Дык вось, з Балотнай ці Сянной плошчы іх павязуць на Рагожскую заставу, адкуль ідзе Ўладзімірка. Як толькі дакладна зведаеце, што і як, клічце хлопцаў.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|