Страница:
4 из 129
Пастарайцеся напасці на этап недзе недалёка за горадам… Вось, усё… Калі выявіцца, што я ўсталяваўся надзейна, што няма здрады, што за намі ніякага хваста, — я далучуся да вас. А пакуль сядзіце цішэй за мыш, не выдавайце сябе без патрэбы.
— Недзе ў Прыдняпроўі не маглі адбіць, — бурчаў Кірдун. — Жартачкі ім: на этап нападаюць.
— Дурань, — сказаў Кандрат. — Сам бачыш, якая варта да Магілева і ад яго. Рота салдат этап суправаджала. Што, напасці ды ўсіх сяброў так вось, псу пад хвост?
— У паўстанні так і будзе, — нечакана сказаў Алесь. — Сам лягу з сябрамі, а вызвалю хаця б і апошняга касінера.
— Нашто?
— А на тое. Каб людзі нічога не баяліся, каб ведалі, што сябры не кінуць на мукі. Адзін такі, упэўнены, у бойцы — чатырох варты.
Ён азірнуўся і ўбачыў старога ў янотавай футры. Стары — па выгляду купец з небагатых — цягнуўся да іх па жыжцы, валюхаючы, бо падпіхваў каленам цяжкі кофр.
— Сіленцыюм, — сказаў Алесь.
Усе змоўклі. Купец дацягнуўся да іх і з палёгкай паставіў кофр.
— Рамізнічка чакаеце?
— Але, — сказаў Загорскі.
— Адной кампаніяй?
— Не. Я вось са слугой, а яны — асобна.
— Шкада-а, — стары выціраў лоб вялізнай уціркай. — І куды ж гэта вы, дазвольце ўжо спытаць?
— Не ведаю куды, пан? — спытаў Алесь.
— У «Дрэздэн», — буркнуў Маеўскі.
— Да-с, — сказаў стары. — Праезджы, значыцца. З купцоў?
— Так, — сказаў Мсціслаў.
— Па якой камісіі?
— Футры… І закупка паркалю.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|