Страница:
39 из 129
Гэта была зброя «застрэльшчыкаў», найлепшых стралкоў, што будуць уваходзіць па два чалавекі ў кожны дзесятак, і тое на той толькі выпадак, калі штуцараў, або ігольных стрэльбаў, не давядзецца дастаць.
Натоўп віраваў на Нікольскай, і толькі ў завулках, што вялі на Іллінку, было паспакайней: там ішоў гандаль — оптавы.
— Вялікімі мільёнамі варочаюць, — сказаў Чыўін. — Вялікімі сотнямі мільёнаў. Вялікімі, няправеднымі. І ўсё больш, больш тут грошай. Кітай-горад, нічога не скажаш. А цяпер зусім у іх добра. Уся сіла гарадская тут. А паны да Яблычнага двара псароў высылаюць: хортых спрадаваць.
— Чаго брэшаш? — сказаў Макар. — Зараз вось у іх і грошы, у паноў. Ніколі столькі не было.
— І гэта праўда. Ці надоўга толькі?
Сані ледзь прабіваліся натоўпам да Праломнай брамы. Бліншчыкі, збіценшчыкі, бабулі-жабрачкі, разносчыкі, пірожнікі — так і кішэлі пад нагамі. У вокнах крам цяпер было другое: цяжкія вокладкі царкоўных кніг, золата дзіскасаў і паціраў, залатыя і жалобныя рызы. Паступова, аднак, за Друкарскім дваром, свецкае цясніла духоўнае. Пад навесамі і ў крамах ляжалі кнігі, віселі, заціснутыя ў шчыпцы для бялізны, лубачныя малюнкі. Замест семінарыстаў і правінцыяльных папоў, што прыехалі купляць царкоўнае начынне, з крамы ў краму хадзілі мужыкі-карабейнікі. Чулася бажба, лаянка, спрэчкі.
Яны тут трохі завязнулі па віне Алеся. Той заходзіў ледзь не ў кожную краму, і пасля кожнай такой візіты ў нагах седакоў прыбаўлялася кніг.
|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|