Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 40 из 129

Кірдун усё больш суровеў і ўрэшце не вытрымаў. Дачакаўся, пакуль яны засталіся адны перад дзвярыма чарговай крамы, і ціха сказаў:

— Нашто яны табе? Для агню купляць?

Алесь вінавата паціснуў плячыма:

— Не магу. Ты паглядзі, якія ў гэтых кніжнікаў нячыстыя лапы.

— Магчыма, разам з хатамі нашымі яны згараць, кнігі, — сказаў Халімон.

— Згараць і тут.

— Кіньце, паніч.

— Згараць. Набярэ такі кніг, носіць-носіць — ніхто не купляе. То ён тады ў двары вогнішча раскладвае і — «час абнавіць таварац». І пайшло ўсё гэта ў полымя. А тут глядзі — элзевіры*, масонскія выданні, «Духоўны рыцар».

* Элзевіры — кнігі, надрукаваныя ў друкарні Эльзевіраў у Галандыі (ХVІ-ХVІІ стст.). Вызначаюцца дзівоснай прыгажосцю і вытанчанасцю шрыфтоў.

Сапраўды, сярод лубачных кніг ляжалі містычныя новікаўскія выданні, кнігі па хірамантыі і фізіягноміцы, Златавуставы Маргарыты, Чэцці Мінеі яшчэ даніканаўскіх часоў. Чыўін, разглядаючы апошнія, толькі аблізваўся. Аж пакуль Загорскі не загадаў яму ўзяць іх сабе. А над усёй гэтай раскошай ляцелі прарэзлівыя або рыпучыя галасы: нібы падлаеды балявалі над трупамі:

— Вось лубкі-лубкі!

— Вось купец у трубу вылецеў. Чобаты буракамі, за цыліндр — рукамі, у тых, хто глядзіць, — морды дуракамі.

— А вось муж на жонцы дровы з лесу вязе. Купі, мужык, каб жонка ўбораў не прасіла.

— А — фонская гара, а — фонская гара, — ільецца ялейны галасок.

|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]