Страница:
41 из 129
— Страшны суд… Цьма непрасвяцімая; вогнь неўгасімы, скрэжат зубоўны. Змяя зялёная грэшнікаў смокча.
Зялёныя былі не толькі змеі. Зялёнае было, разам з дрэвамі, неба на лубках. Ехаў, галавою пад аблокі, храбры праваслаўны генерал, а салдаты былі не вышэй капытоў ягонага каня, як на эгіпецкіх барэльефах воіны побач з фараонам. Ружовая палоса — твары салдат, чырвоная — каўнеры, блакітная — рака, па якой яны ідуць, разам з салдацкімі чобатамі.
— Пэцканіна сатанінская, — злаваўся Чыўін. — Дакаціліся. Пасля Дзіянісія, пасля Рублёва — боскага, пасля Суждальскага ўзорач'я — Аніка-воін ды генералы дурныя.
— Рублёва ў кожную сялянскую хату не павесіш, — сказаў Алесь.
— То лепей зусім нічога не вешаць. Адзін разны коўш з бярозавага наплыву варты ўсёй гэтай брыды.
— І тое праўда.
На кніжных рынках купцы Лабкоў і Хлудаў сабралі сабе неацэнныя бібліятэкі. На кніжных рынках быў сапсуты густ двох ці трох народных пакаленняў.
…Масляная адыходзіла. І, нягледзечы на тое, што на гуляннях усё яшчэ круціліся каруселі, бойка гандлявалі ласункамі, нягледзячы на тое, што з балаганаў даляталі стрэлы з драўляных гармат і сапраўдных стрэльбаў — аж з усіх шчылін шатра валіў парахавы дым (давалі «Узяцце Карса» і «Бітву расейцаў з кабардзінцамі»), — ва ўсім быў няўлоўны сум.
Надыходзіў вялікі пост.
Стрэлы, галасы зазывалаў, удары балаганных звонаў, уся гэтая какафонія гучала цяпер прыглушана. Менш траплялася п'яных, але затое п'яныя яны былі ўсур'ёз. Стаміліся маснічныя тройкі.
|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|