Страница:
58 из 129
Дзівосныя па кантрастах сталы ў «Дрэздэне» і «Брытаніі» — і крыкліва-безгустоўныя, але смачныя, сталы на купецкіх банкетах: «Кансаме а-ля Барацінскі», або «Бафер дэ Пядро» з піражкамі «Рысалішасэр», або з валаванамі «фінанс'ер»; Шафруа з перапёлак з таючым страсбургскім паштэтам і падлівай правансаль; асятры «а-ля Русь» (пісьменнасць купецкая кульгала) з падлівай «Аспергез» (абы падзівосней, абы не хатні барановы бок і дзве сотні ракаў пад піва). Да асятроў — мандарынавы пунш, а пасля іх смажаніна, таксама ўся нетутэйшая: «фазаны кітайскія», «рабчыкі сібірскія», «пулярды французскія». Сярод усёй гэтай заморскай камарылы сіратліва стаялі «курапаткі чырвоныя» і «сядло з касцявым мозгам па-сялянску». А потым зноў ішло буянства «салатаў рамэн са свежымі агуркамі» і «саварэнаў з французскай садавінай».
Гасцей пасля такога цягнула на капусту і квас, які распівалі ў задніх пакоях.
Тысячы гаспадарак працавалі на гэта: аранжарэі, гароды, жыварыбныя садкі ля Маскварэцкага моста (рака была яшчэ параўнаўча чыстая, так што аршынныя жывыя сцерлядзі маглі плаваць у садках месяц-два), грыбныя кірмашы, рынкі — чэрава вялікага горада, яго абжорная душа.
І тракціры, якія, што датычыцца кухні, пабівалі рэстараны: той жа «Наватроіцкі», «Цестаўскі» ў доме Патрыкеева ды «Вялікі Маскоўскі» Гурына. Зайсці туды свежаму чалавеку было страшнавата: затхлыя брудныя сходы з дрэнным вузкім дываном, затэрханым нагамі, і поручнямі, абцягнутымі чырвоным сукном, гардэроб, прылавак з гарэлкай і перастаялай закускай, зала са столікамі і канапкамі на чатырох, кабінеты, фартэпіяна. Але затое ежа была — не ўясіся. І танна. І многа, так што нават палову порцыі мог з'есці толькі прывычны.
|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|