Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 57 из 129

Магчыма, сапраўды, пайшла ад ганьбы намост… І доўга яшчэ Алесь пакутаваў гэтым і не мог дараваць сабе, што не пайшоў у той вечар да часці, калі «мяцельшчыкаў» будуць выпускаць.



РАЗДЗЕЛ ІV

Елі і пілі ў Маскве па-рознаму. Але словы «Масква любіць і ўмее паесці», «маскоўскі культ гастраноміі», «магістры наконт пад'есці» — датычыліся той Масквы, што трымала хатніх кухараў і ела ў рэстарацыях, а не той, што купляла на «царскім рынку» па тры капейкі флякаў, загортвала іх у брудную паперу і несла, у якасці закускі, у кабак.

Першую Маскву Алесь ведаў добра. Суботнія абеды Ангельскага клуба, ягоная юшка, якую варылі раз у год і якая лічылася лепшай на свеце (нічога яна не вартая была ў параўнанні з Азярышчанскай, калі два разы ў адной вадзе вараць тэрхаляў-акунёў ды насачоў-джгіроў, а потым кладуць, пакуль у рыбіны вочы не пабялеюць, у булён сцярлядак, ды перац, ды цэльную рэпчатую цыбулю, ды яшчэ з лазовым дымком, ды з блакітам над галавою або месяцам на вадзе); Купецкі клуб, які пачынаў біць славу Ангельскага; французская кухня рэстарана «Шэўрые» ў Газетным завулку, «Дюсо» і «Ангельшчына» на Пятроўцы; сціплы, але грунтоўны стол «Яра», тады яшчэ не сапсаванага раскошай; «Эрмітаж» — дзіўнае спалучэнне тракцірных парадкаў і вытанчанай французскай кухні.

|< Пред. 55 56 57 58 59 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]