Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 61 из 129



Вялізны нізкі склеп, глыбокая падземная яма без акон, з адзіным уваходам. Некалькі сталоў з абрусамі, падобнымі на анучы, «трупы» смяротна п'яных ля сцяны.

Астатняе ўсё разгароджана на маленькія каморкі, дзе з дзвярыма, а дзе і з занавескамі замест дзвярэй.

Цьмяна, як у лазні, свяцілі праз выпарэнні, туман і дым сінія газавыя ражкі.

— Як тут Бабкіна Пуда Іюдавіча знайсці? — спытаў Чыўін у палавога.

— Унь, — торкнуў пальцам у адну з каморак хлопец з разбойніцкай мордай. — Пэўна, яшчэ цвярозы. Яны пад раніцу набіваюцца гэтай гарэлкай, што больш не ўваб'еш.

Зайшлі ў аддзяленне. Газавы ражок. Стол. Чатыры крэслы. Акрамя іх — толькі-толькі стаць палавому. Перагародкі з голых дошак. Смурод і бруд. Адусюль такі крык, што молатам б'е ў галаву. За сталом, апусціўшы галаву на ліловы ад віна — хоць выціскай — абрус, спіць чалавек у кафтане старога пакрою.

Алесь адразу хацеў ісці. Але чалавек узняў галаву, і пад ёю аказалася ўцірка, складзеная ў дзесяць столак.

— Га?

Твар быў бледны ад вечнай цемры, пракуранага паветра і віна, але шырокі, разумны. Невялікая бародка. Валасы стрыжаныя ў скобку, але радок не пасярэдзіне, а трохі збоку — шыкарней.

— Што ж гэта вы сябе так забіваеце? — спытаў Чыўін. — Хіба так можна? Без паветра, без святла.

— А вам што? Вы хто такія?

— Мы ад начотчыка.

— А-а… Палавы!

Палавы з'явіўся адразу: відаць, падслухваў. Надта ўжо дзіўны быў у гэтым скляпенні Алесь.

— Бліноў на загавіны. З цешай.

|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]