Страница:
63 из 129
Вось убачыш — адразу дапаможа… Ну, за справу…
Алесь выпіў пахучую гарэлку. Яна была абрыдлівая, і, аднак, яму сапраўды палегчала. Не так назаляў галас, дый нос не так заўважаў смуроднае, аж ліпучае, туманнае паветра.
— Прыцярпеўся, — сказаў Бабкін. — Ды гэта што? Ты адсюль выберашся ды, пэўна, у лазеньку паедзеш, парай бубнаўскі смурод выганяць. А што рабіць тым, якія тут гадамі… усё жыццё… акрамя ночы?
— Быць не можа, — сказаў Алесь.
Дзікі крык аддаўся недзе, лямант, скавытанне.
— Вось, — сказаў Бабкін. — Гэты тут умудрыўся вялікае багацце, нязмерную маёмасць прасадзіць… У палавога спытайце… Па імю бацьку ўсіх такіх кліча. Елізараў, напрыклад, Флегонт Савіч, тут дваццаць год сядзіць… У краме — прыказчыкі. А ён кожны дзень тут выпівае сорак чарак віна і гарэлкі.
— Брахня, — сказаў Макар.
— Малады ты ошшо, — павучальна сказаў Бабкін. — Гэты яшчэ мала. Ёсць такія, што за тыя ж гады кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят чарак п'юць. Во гэта дык майстры… Я падлічыў… Дваццаць адна тысяча дзевяцьсот чарак у год… Чатырыста трыццаць восем тысяч чарак за дваццаць год… Дзвесце дзевятнаццаць вёдраў… Пяць з паловаю саракавядзёрных бочак… А вы кажаце, брахня… Гэта, брат, сіла нязмерная… Трагладзіты. Людзі апраметнай.
Еў бліны, скручваючы іх пакуначкам і двума-трыма рухамі сківіц адпраўляючы ў рот. Скончыў з імі.
— Дык, кажаце, флейты?… А купіла хопіць?
— Колькі іх у вас? — рэзка спытаў Алесь.
— Знойдзем.
|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|