Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 62 из 129

Усім…Ікры накладзі ў місу ды цыбулькай — ёю, родненькай… Ды гарэлкі.

— Якой загадаеце?

— Маёй… Самай таннай… З чырвонай галавою… А калі будзеш пад дзвярыма стырчаць — гарчыцай нос вымажу і прымушу з гэткім носам дзве гадзіны стаяць.

І звярнуўся да гасцей, якія ўжо расселіся:

— Ну…

Алеся муціла ад дрэннага паветра, ад дыму, ад галасу і рыку, ад гукаў непрабуднай п'янкі, якая, відаць, ніколі не канчалася.

— Начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он, — сказаў Алесь.

— Гм, — Бабкін уважліва глядзеў на яго. — Ну добра, выпіце, пакуль тое, пасядзіце.

Палавы ўжо стаяў у дзвярах. Усе аж здзівіліся. Нібы абрус-самабранка ляжаў у яго за дзярыма. З'явіўся чортам з табакеркі і ўжо ставіў на стол стосы бліноў, паліваў іх маслам, ляпаў на голыя дошкі (абрус таргануў мезенцам і кінуў у кут) талеркі і нажы.

Знік на хвіліну і паставіў на стол чатыры халодныя бутэлькі.

— За гэта — люблю, — сказаў Бабкін. — А валасы ўсё адно павыдзеру. Ты гэта по-омні.

Алесь даў палавому рубель — толькі каб хутчэй знік. Яго муціла, ён баяўся, што можа званітаваць проста ў кут.

— Тут наконт гэтага проста, — сказаў Бабкін. — Блюй, галубчык, прыбяруць. Таму і сядзім, што проста. Жанчын няма — хочаш — лайся, хочаш — крычы. І не трэба нам, «трагладытам», нічога, акрамя каб не чапалі нас. Ні неба, ні святла, ні паветра, ні шчасця.

— Не разумею, як вы можаце тут піць, — сказаў Алесь.

— І ты выпі.

|< Пред. 60 61 62 63 64 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]