Страница:
71 из 129
— А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй — буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч — як снегу.
— Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п'янюга, — ціха сказаў Алесь.
— А я хіба што кажу? — сказаў Бабкін. — Ну, узяў нейкія там дзве сотні… Горш тое, што людзей пачаў страшыць — ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць… Дык вось далей… Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок… Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З'явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў.
І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе… І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім… Чалавека тады — з Бутырак.
|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|