Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 70 из 129

І вось сярод такіх знаходзяць чалавека здольнага дый кажуць яму: «Ты, Яшка, скажам, патаемны шынок трымаеш або крадзеным польскім бабром часам гандлюеш. То мы будзем на гэта праз пальцы глядзець (не вытыркайся толькі, не нахабнічай), а ты нам за гэта часам паслужы». І вось калі трэба адшукаць нейкага асабліва нахабнага злодзея, то клічуць Яшку. А ўжо Яшка, калі толькі сам не ўкраў, намякне, куды яно ўсё падзелася. Калі кажа «не ведаю» — значыцца, шукаць — справа дарэмная: не можа сказаць, не хоча сказаць, баіцца сказаць або папрацаваў нехта старонні… Ну, аднойчы абчысцілі футравы магазін Мічынера на Кузнецкім. Купец у слёзы — футраў на сто тысяч, ды самыя дарагія, ды ўсе мечаныя. Вось кузнецкі квартальны наглядчык кліча да сябе свайго «Яшку»: «Выкладвай». — «Не смею», — кажа той, а сам ледзь не рагоча. Наглядчыку крыўдна, бо іншых спосабаў сыску ў нас бадай што і няма. «Кажы, калі ласка». — «Вы мяне выдадзіце». — «Дальбог, не». Яшка думаў, думаў, дый махнуў рукою: «Мічынераўскія футры ўсе ў прыстава Цвярской часці Хрулёва». — «Не можа быць?!» — «Шчырая праўда, ваша высакароддзе». Наглядчык за галаву схапіўся, але ведае: Яшка брахаць не будзе… Едзе ён да паліцмайстра, палкоўніка Агарова. Той таксама за галаву хапаецца, але паколькі Хрулёў пару разоў пракраўся ўжо ды яшчэ бацькоўскага агароўскага папроку не паслухаўся — Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду. Уварваліся да Хрулёва з павальным вобыскам… Бабкін змоўкнуў, толькі вочы смяяліся.

— А далей? — спытаў Макар.

|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]