Страница:
69 из 129
Па той бок моста, налева, калі ісці ў слабодку, змяшчаўся ў брудным двухпавярховым доме тракцір «Воўчая даліна», прытон самага цёмнага люду. Там ледзь не кожны тыдзень забівалі, прычым трупы кідалі пад мост, у раку. Непатрэбныя падземнаму свету людзі ледзь не ўсе канчалі жыццё там.
Палавы пацягнуў паддзячага за ногі. Ніхто з суседзяў не звярнуў на гэта ўвагі: такое здаралася тут штодзённа.
— Усё, — уздыхнуў Бабкін.
— Хто такі? — спытаў Чыўін.
— Калі не зменіцца — харч для маскварэцкай рыбы. А быў купец — прагарэў, сеў у яму. Стаў канцылярыстам — за хабары паляцеў. Спіўся.
Памаўчаў.
— Вось вам і жыццё наша. Добры ты сэрцам, купец. Ну ды ўсё адно… заб'юць яго не сёння, дык заўтра. Канец. Смерць. Наша Масква, схаваная ад усіх, яна не жартуе… А таму сядайце, ды яшчэ па пары чарак, ды гайда справу рабіць.
— Што гэта ён, разлезлік гэты, пра нейкага бычка залатога звягаў? — спытаў Алесь.
Бабкін, закусваючы, усміхнуўся.
— Гісто-орыя, — сказаў ён. — Расказаць, дык не паверыце.
— Чаму? — сказаў Алесь. — Я шмат чаму верыць навучыўся.
— Тады ты, сапраўды, чамусьці навучыўся ў жыцці. А ў гісторыі гэтай — уся праўда. Можаш мне, Бабкіну, верыць.
Ён думаў, відаць, над тым, з чаго пачынаць.
— Дык вось, купец, ты пэўна ведаеш, як у нас паліцыя сок вядзе. Скажам, ёсць у кожным квартале сярод абывацеляў такія, што ў іх на мордзе напісана: падазроныя.
|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|