Страница:
75 из 129
Поп ніканіянскі крыж свой паганы будзе ім у рот торкаць, будуць яны стаяць ля ганебнага слупа… Не ведаеш, Макар, гандлёвая страта або публічная? Кнут або слуп?
— Н-не.
Калясніца якраз зраўнялася з помнікам на сярэдзіне плошчы. Праплывала міма двух бронзавых людзей. Жанчына прыўзняла галаву, відаць, спалоханая з'яўленнем чагосьці чалавекападобнага побач з сабою, у той час як усё такое павінна быць ніжэй за яе. Прасачыла вачыма, куды паказвае ёй рукою ніжагародскі мешчанін.
Вялікі грамадзянін паказваў на зубчатыя муры, на палац за імі.
Алеся раптам закалаціла.
А шэсце праплывала ўжо міма іх. Загорскі ўбачыў бледныя твары бабы і двух мужыкоў. На грудзях жанчыны, на чорнай дошцы, было выведзена: «Растлительница». На дошках яе суседзяў: «Поджигатели».
Чацвёрты мужчына сядзеў, упаўшы галавою на рукі. Ні аблічча, ні дошкі ягонай не было відаць. Але Загорскага раптам нібы нешта кальнула ў сэрца: патыліца. Ён мог бы паклясціся, што ён бачыў яе тысячу разоў: на начлезе з-пад світкі, у хаце на печы, за сталом, схіленую над місай.
«Няўжо ён? — са страшным падзеннем сэрца падумаў Алесь. — Няўжо свае людзі падвялі? Не можа быць, каб падвяла падземная пошта. А што я тады скажу Кандрату? Чым апраўдаюся я, які цвёрда абяцаў яму, што нават коштам жыцця вызвалю свайго і ягонага брата?» Алесь крануў Макара за плячо.
— Рушай за імі.
— Нашто? — у адзін голас спыталі Макар і Чыўін.
— Рушай, — амаль папрасіў Алесь.
Ён не мог памыліцца.
|< Пред. 73 74 75 76 77 След. >|