Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 77 из 129

І кожны раз як правядуць — два салдаты з тазамі падбягаюць, мачаюць у іх анучы і выціраюць кроў са спіны. А ў тазах — воцат. Хрысціяне! Аспіды нясытыя! Няхрышчаных басурманаў лаем, дзікуноў лаем! Самі хто? Воцатам! Нібы не чытаў ніхто, што Бога нашага на крыжы з губкі паілі «ацтом і жоўцю»…

Голас старога перасекся:

— Чуллівыя. Міма жабрака, міма катрыншчыка без капейкі не пройдуць. І што там Божа наш маўчыць, літасцівы, неўблажымы, калі нік-колі добра не было добраму, а дрэнна — злому, калі заўсёды самае дзярмо, самая апошняя дрэнь над нашымі галовамі.

— Цішэй, — сказаў Макар.

— А, ды што там, — панікнуў стары. — І чаму толькі нам заўсёды з панамі не шанцуе? Ніводнага добрага ўладара. Тры такія няшчасныя народы на свеце: гішпанцы, туркі і мы. Цьху!.

— Хапае і ў другіх, — сказаў Алесь. — Але, вядома, не тое.

…Здалёк яшчэ ўбачылі яны на сярэдзіне плошчы круглую спаруду са слупамі. Таксама чорную і высокую, ледзь не больш высокую, чым вартыя жалю навакольныя халупы.

Картэж павольна пад'ехаў да яе. Мітусілася святло паходняў. Арыштантаў па чарзе, пачынаючы з жанчыны, адвязвалі ад лавы і сілком, пры ўдзеле ката, узводзілі на эшафот. Жанчына адштурхнула катавы рукі і пайшла сама. Трэці з прыкутых учапіўся рукамі за дошку, і яго давялося аддзіраць сілком. Ён хапаўся за дошку, потым за лаву, потым за сходні з калясніцы.

Ля санак Макара апынуўся нейкі стары ў гарбатым паліто.

— За што іх? — спытаў у яго Макар.

— Кажуць, саколік, душагубы… Зладзеі.

|< Пред. 75 76 77 78 79 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]