Страница:
76 из 129
Няўжо Андрэй? Але як? Як маглі падвесці свае людзі, падспудная служба інфармавання? Верныя, надзейныя, адданыя?
«Пэўна, атрымалася памылка, — думаў ён. — Але як, як, як?»
Запрэжка рухалася за картэжам. Усе ў дрыготкім зарыве круціліся над галавою, мяняючыся месцамі, як дрэвы за акном вагона, візэрунчатыя, зрэзаныя, падобныя на затычкі старых графінаў, купалы Васіля Блажэннага.
Але ён толькі раз кінуў на іх позірк. Ён не адводзіў вачэй ад схіленай галавы, пазнаваў яе і не пазнаваў, пераходзіў ад надзеі да страшнага адчаю і зноў да надзеі.
— Супакойся, — крануў яго за плячо Чыўін. — Ад бізуна рэдка хто памірае. Ну, заб'юць да паўсмерці. Не самае горшае. Вось «зялёная вуліца» — гэта, брат, жах. Ганяюць на месцы злачынства. Я аднойчы бачыў, як вунь там, на беразе Масква-ракі, ля Тайніцкай вежы, аднаго ганялі*. Божа мой, Божа!
* Выпадак гэты апісаны ў некалькіх кнігах. У прыватнасці ва ўспамінах І.А.Белавусава «Ушедшая Москва». М., 1929 г.
Алесь зірнуў направа і ўбачыў чорны сілуэт.
— Вось там, — сказаў раскольнік. — Там, любы. Дзве тысячы прутоў. Прыйшлі салдаты з крамлёўскіх казармаў, сталі ў два шэрагі, з анцірваламі ў тры крокі. Бедалагу рукамі прывязалі да ложа стрэльбы, і два салдаты яго павялі. І — пачалося. У канцы першага праходу спіна ў таго была чорная, набрыняла, як падушка. Потым кроў пачала пырскаць. На рукі, на твары, на мундзіры салдат (назнарок ім са швальні на гэты выпадак старыя выдалі).
|< Пред. 74 75 76 77 78 След. >|