Страница:
81 из 129
Купілі зброю нават на Сухараўцы, рынак якой у гэты час асабліва багата гандляваў не толькі габеленамі, рэдкімі кнігамі, стыльнай мэбляй і карцінамі, але і калекцыйнай панскай зброяй. Маёнткі, дваранскія гнёзды пускалі з малатка калекцыі. Пачынаўся развал.
Антыкварыі накшталт Пярлова і Фірсанава куплялі за грашы вялікія шэдэўры. Але Загорскага гэта цяпер не цікавіла. Ён купляў стрэльбы, каўказскія шаблі, нават японскія рытуальныя мячы — абы страляла і калола, абы была сталь. Ён ведаў, меч у руках мужнага — таксама зброя.
Мсціслаў злёгку нават балдзеў ад энергіі сябра. Алесь штурхаўся між людзьмі, выцягваў чарговую знаходку з-пад якой-небудзь калекцыі мінералаў, прымерваў, ці па руцэ, ці да пляча. Маеўскі лічыў, што варта было б і другім будучым вайсковым кіраўнікам паклапаціцца загадзя, а то нешта цяжкія на пад'ём. Не могуць жа яны ўдвух зрабіць усё і за ўсіх.
А вакол шумеў натоўп. Крычалі антыквары, збраяры, кніжнікі, старызнікі. Той рагатаў, нехта лаяўся, «купіўшы чыгунны капялюш».
Цэлы рад займалі гандляры рукапісамі і кнігамі па фрэналогіі, магіі, фізіягноміцы, астралогіі, хірамантыі і чарадзейству. Людзі з містычнымі вачыма, дрэнна паголеныя і падазрона апранутыя, прытаргоўвалі аракулы і соннікі. Мсціслаў толькі бурчаў:
— З гэткім суконным рылам ды ў эўрапейскі калачны рад. Містыка ім спатрэбілася. Ім больш патрэбная турма ды лазня.
А Загорскаму было не смешна, а брыдка. Купцы, ахотнарадцы, уся гэтая лычатая свіная зграя была, на жаль, сілай.
|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|