Страница:
80 из 129
Той, што крычаў, закусіў вусны і з цяжкасцю прыўзняў галаву, успёр яе, каб яна трымалася, падброддзем на слуп.
— Вось так, братухна, — сказала жанчына.
Пасля трэцяга ўдару бізуна галава ля трэцяга слупа ўпала, як падсечаная. Кат задаволена хмыкнуў і адціснуў з бізуна кроў.
…Алесь адвярнуўся.
Сані ехалі да Масква-ракі. Паміж імі і Балотам было ўжо не менш як чатырыста сажняў, але Загорскі ўсё яшчэ нібыта адчуваў гукі ўдараў. І яшчэ яму здавалася, нібыта ўсе яны падаюць на ягоную спіну.
— А дзіця гэтай бабы, кажуць, дурным нарадзілася, — сказаў Чыўін. — Бацька яе, цяжарную, збіў.
— Што ж што дурное, — сказаў Макар. — Дурное ды няшчаснае маці часам яшчэ мацней любіць.
Алесь не адказаў. Гледзячы ў цемру шклянымі страшнымі вачыма, ён думаў.
«Я ім пакажу, — мітусілася ў чэрапе. — Я ім за гэта пакажу. Дай толькі да іх дарвацца — я ім пакажу. Ніводнаму літасці! Папялішча пакінуць… Папялішча пакінуць».
РАЗДЗЕЛ VІ
Мінуў месяц. Андрэя ўсё яшчэ не прывозілі ў Бутыркі. Паступова прытупіўся боль той страшнай ночы. І хаця большасць зброі была закуплена, Алесь усё яшчэ гойсаў па Маскве і навакольных гарадках, скупляючы ўсё, што мог. Як апантаны, як беснаваты, уражаны адной маніяй.
«Больш… Больш… Больш».
Пасля той ночы на Балоце двух мужчын знялі са слупоў мёртвымі.
І Алесь, нібы адчуваючы дакор, не супакойваўся. Купілі і перавезлі ўначы зброю з Гасцінага двара. Купілі паперу. Купілі порах. Купілі на складах ля Крэстоўскай заставы жалеза, і медзь, і свінец.
|< Пред. 78 79 80 81 82 След. >|