Страница:
82 из 129
Таму што ў яебылі грошы. І таму немінучая была перамога іхняй грубасці і нахабства над вытанчанасцю.
Перамога, у якой загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца.
Ён не мог не думаць аб тым, што колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек — ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю. Пад ударамі бязменаў і купленых багнетаў падзе рыцарства, чысціня і высакароднасць. І застануцца Валуевы ды Ціт Цітычы.
Але ён адагнаў гэтую думку.
Яшчэ больш нагнаў на яго суму Чыўін. Як ехалі з Сухараўкі, раптам уздыхнуў і сказаў:
— А паддзячага нашага, з бубнаўскай дзіркі, забілі.
— Як? — ахнуў Алесь.
— А вось так. Забілі ў «Воўчай даліне». І труп у раку кінулі. Пачаў, відаць, зноў пагражаць камусьці. Такія заўсёды так канчаюць… Гэ-эх, горад-горад. Зладзюга на зладзюзе. Нядаўна на Пакроўскім рынку два зладзеі свіную тушу ўкралі. Апранулі ў тулуп, шапку на галаву, заднія кумпякі — у валёнкі — і цягнуць «пад рукі», нібыта п'янага сябра дамоў вядуць. Сто разоў паўз іх абакрадзены прабег — так і не здагадаўся.
— Весялейшага чагосьці няма, Дзяніс Авакумыч?
— Ёсць. Учора благавешчанне было. А на благавешчанне, самі ведаеце, птушак адпускаюць: гілёў, сініц, аўсянак. А купляюць іх ля Яблычных радоў*. І вось ўчора, раным-рана, вяртаюцца з «Яра» купчыкі. П'яныя ўсе як гразь. Тут адзін успомніў: благавешчанне, птушак выпускаць трэба. Спыніліся — туды-сюды — няма яшчэ ніводнага гандляра, ніводнай клеткі. Што рабіць? А тут насустрач хлапчынка-балгарын з малпай.
|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|