Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 84 из 129



Так стварылася маскоўскае гета, зменлівае, плыннае, з рэзнікамі і шмукачамі-гандлярамі абрэзкамі футры, з кушнярамі, што ўстаўлялі ў мяздру беларускага бабра сівыя валаскі янота і так рабілі «бабра камчацкага»; з жанчынамі, што перад пейсахам мыюць у рацэ посуд, з гаманкім натоўпам, з чорнымі постацямі, што моляцца на беразе Масквы супраць Праломных варот, з неверагодным, адкрытым для ўсіх жабрацтвам.

А побач штурхалася другая палова: хлопчыкі з рэдкімі валасамі, рамізнікі, рамесніцкія вучні, шапавалы, галодныя павадыры мядзведзяў.

Мядзведзі не хацелі дужацца і адразу цягнулі лапы за падачкай. Ва ўсіх іх былі падпілаваныя кіпці і зубы, а ў многіх выкалаты вочы.

Сэрца падала, калі глядзіш на ўсё гэта. А народ, біты і драны, «благоденствовал с ним», з гасударам, як сто разоў на дзень афіцыйна сцвярджаў гімн.

Мядзведзь цягнуў лапу за падачкай. На гук. Дзяржава марыла аб чарнаморскіх пралівах.



РАЗДЗЕЛ VІІ

Прыйшла, урэшце, звестка. Андрэя Кагута павінны былі скора прывезці ў Маскву, каб, адразу пасля вялікадня, адправіць з этапам у Сібір. І Андрэя і яшчэ некалькіх катаржан павінны былі пасяліць у Бутырскай турме, аддаць у лапы сумна вядомаму Кірушку, набіць кайданы і адправіць праз Рагожскую заставу па Ўладзімірцы.

Трэба было дзейнічаць неадкладна.

Перш за ўсё Алесь накіраваўся на Смаленскую заставу і дамовіўся там з чатырма ямшчыцкімі тройкамі. Даў грошай і папрасіў, каб людзі чакалі на працягу тыдня пасля вялікадня і ўдзень і ўначы. Ён не збіраўся карыстацца гэтымі запрэжкамі.

|< Пред. 82 83 84 85 86 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]