Страница:
85 из 129
Ён ведаў: збеглага перш за ўсё кінуцца шукаць на тую заставу, адкуль вядзе дарога дамоў. І тут яны знойдуць падрыхтаваныя тройкі, зробяць засаду і стануць чакаць прыходу заказчыкаў, якія не прыйдуць, дадуць уцекачам магчымасць уцячы.
Другіх коней Кірдун наняў на Першай Мяшчанскай, у ямской слабадзе ля Крэстоўскай заставы: так было менш падазрэнняў.
Кандрат забяспечыў коней на другую падставу. Наняў для гэтага дзве славутыя лапцеўскія тройкі сцяпной пароды. Лапцеў, мужык Саратаўскай губерні, прыязджаў у Маскву гужавіком і ўсю зіму жыў у горадзе. Ягоныя тройкі, асноўная і завадная, ужо некалькі год пакідалі «за сцягам»* усе астатнія тройкі Масквы, нават славутую Каравулаўскую.
* То бок міналі «слуп» (фініш), калі ўсе астатнія тройкі былі за трыццаць сажняў.
Алесь сам бачыў апошнюю яго перамогу на лёдзе Масква-ракі, між Маскварэцкім і Вялікім Каменным мастамі.
Крыкнуў: «Родные, не выдайте» — і ўсе астатнія засталіся далёка за спіною: глытаць снежны пыл.
Лапцева адаслалі «на бойкі шлях» да Тройцы — Сергія. Але ніхто не збіраўся ехаць на Растоў, Пераяслаў ды Яраслаўль. Перасеўшы на «лапцеўскія» тройкі, уцекачы павінны былі павараціць налева і выбівацца на чыгунку, каб, праехаўшы некалькі супынкаў, прабіцца ў Беларусь з поўначы, а не з захаду. Сядаць на чыгунку ў Маскве было небяспечна.
Пасля гэтага заняліся Бутыркамі. Чалавек, якога яны збіраліся ўкрасці, павінен быў мець сілы для ўцёкаў.
|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|