Страница:
87 из 129
Па гэты бок заставы, за кардэргардыямі, у якіх жылі саладаты і «мацальшчыкі»*, цягнуліся да самага астрога гароды,цяпер яшчэ пустыя і сям-там нават паплямаваныя апошнім снегам.
* Мацальшчыкі торкалі прутамі ў вазы з сенам, каб праверыць, ці не вязуць у Маскву «неадкупнога» віна.
Затое ўсе ўзрадаваліся, знайшоўшы «нелегальны» праезд цераз вал, бліжэй да Мар'інай рошчы. Калі б перастрэлі на дарозе — тут лёгка можна было б праслізнуць у Маскву, каб адседзецца.
Трэба было цяпер падумаць аб прыстанку ля Рагожскай заставы, дзе можна было б пражыць апошнія дні перад этапам. Спыталі ў Чыўіна, сказалі, што хочуць выехаць на нейкі тыдзень без слуг, а іх пасяліць у кагосьці на Рагожскай, бо адным ім займаць месца ў тракціры і гасцініцы нязручна. Стары атрымоўваў ад Алеся шмат і таму, не пытаючыся асабліва, пачаў думаць.
— Ды вось, чаго лепей. Ля палявога двара, дзе звярыная траўля Івана Багатырова. Знойдзе ён для людзей пакойчык — не адмовіць мне.
Паехалі да Багатырова. Зямля падсыхала ўжо. Нябачныя жаўрукі звінелі ў свежым небе. Прыемна было ехаць у адкрытай брычцы, заплюшчыўшы вочы і падстаўляючы праменням твар.
— Што за чалавек гэты Багатыроў? — спытаў Алесь.
— Рукамясло ў яго дзіўнае, князь. Сырэйнае завядзенне. Шкуры здзіраюць. З быкоў заразных, з быкоў хворых ці задуменных. Там у яго хаты, пуні, салатопкі. Здымае ён шкуры і з коней і з мядзведзяў, ваўкоў, іншых розных. Але тут справа не ў гэтым. Галоўнае — «траўля».
— А гэта што?
— А гэта круг сажняў на трыццаць, ды вакол яго крэслы, адны вышэй другіх.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|