Страница:
92 из 129
Чыўін змагаўся з сажнёвым (той, між коней, прасунуўся да перадубрычкі), трымаў яго за руку з заціснутым нажом.
Налітае крывёй аблічча рослага, сіла, з якой ён скручваў руку старога, гаварылі аб тым, што змаганне доўгае не будзе.
І тады Макар крыкнуў. Крыкнуў так, як крычаць, можа, раз у жыцці:
— Р-родныя, не выдавай!
Коні «прыйнялі» з месца імгненна. Апракінуты перадам брычкі боўдзіла адпусціў Чыўіна, закінуўся, упаў на зямлю, пад колы.
Запрэжка несла шалёна. Алесь азірнуўся і ўбачыў: той, што з нажом, упаў аж неверагодна ўдачна — акурат між правай і левай парай колаў, і цяпер уставаў, трымаючыся за выцятае месца. Другі, якому Алесь даў у пах, усё яшчэ курчыўся. Яшчэ два непаразумела стаялі, відаць, ніяк не могучы ўцяміць, як гэта вырвалася здабыча.
І, урэшце, яшчэ адзін апошні, ляжаў пад Алесем, паступова прыходзячы да прытомнасці. А коні ляцелі, ірвучы паветра.
Макар павярнуўся. Чырвоны твар фурмана быў гнеўны:
— Кісцянём яго па галаве! Хай ведае!
— Стану я аб падлу рукі пэцкаць, — адрэзаў Алесь.
Ён прыўзняў пятага — брычка якраз выбіралася з яра — і з сілай шпурнуў яго ўсім целам аб дарогу. Бачыў яшчэ, як той стаў каціцца па схіле. А потым «поле пабоішча» знікла з вачэй.
Ніхто, здаецца, асабліва не пацярпеў. Толькі Макару трохі расквасілі твар ды ў Алеся кроватачылі пальцы левай рукі: разбіў аб твар першага, якога скінуў.
Некаторы час усе прыгаломшана маўчалі.
|< Пред. 90 91 92 93 94 След. >|