Страница:
90 из 129
Алесь і сам бачыў дзівосны лес. Прыкінуў — да Ласінага завода сама меней вёрст трыццаць. І тут жа шаша. І надзвычай зручнае месца для засады і ўцёкаў…
«Тут і зробім», — падумаў ён, а ўголас спытаў:
— Жылыя дамы ля звярынца ёсць?
— Толькі лабараторыя, палявы гэты двор, ды дача графа Шантрана*, ды цераз шашу ад двара, багатыроўскае паселішча.
* Графа дэ Шамбаран.
«Тут», — канчаткова вырашыў Загорскі.
Багатыроўская «траўля» ўжо ўстала на даляглядзе (шэрыя хаты, двары, высокія платы, коміны салатопняў), калі адбылося нешта нечаканае.
Брычка якраз мінала альховы зараснічак на дне яра, калі страшны свіст разануў вушы. Ломячы галлё, з хмызоў, напярэймы коням, беглі чалавечыя постаці. Пяцёра здаравенных ці то мужыкоў, ці то мяшчан у паддзёўках.
У двух у руках шкворні, адзін з нажом, яшчэ два — з кісцянямі. Морды нічым не закручаныя: значыцца, жывых не выпусцяць.
Адзін, чалавек сажнёвага росту, павіснуў на аброці карэнніка.
— Пане, прапалі, — нема закрычаў Чыўін. — Новавяскоўцы.
Утрапенне было такое, што ўсе апамяталіся толькі тады, калі разбойнікі ўжо караскаліся на брычку. Густа лунала над галовамі ўпамінавенне агульнай матары.
Алеся схапілі за рукі, і проста над сваёю галавою ён убачыў у неймаверна сінім небе зіхоткі, шыпасты шар кісцяня.
|< Пред. 88 89 90 91 92 След. >|