Страница:
93 из 129
Потым Чыўін (адзін рукаў у яго быў аддзёрты, а твар усё яшчэ бледны) сказаў чужым голасам:
— Ну, думаў, прапалі. Вось табе і Новая Вёска. І раптам зарагатаў:
— Ну, князь, ты, я гляджу, зу-ух. Прапалі б, каб не ты. Ведаеш, хто гэта? Той, сажнёвы, што пад колы ўпаў, гэта сам Аляксашка Шчалканаў, першы на Маскву бандзюга і разбойнік. Той, якога ты першы скінуў, — Міхайла Сямёнаўскі. Мянушка гэта ў яго такая. Той, каго ты па гарбе кісцянём лізнуў, — новавясковец Васька Сноп.
Астатніх не ведаю. А Сноп ды Міхайла, здаецца, цяпер у работнікі да Багатырова пайшлі.
— Чаго ж яны цябе не пазналі?
— Здалёк, відаць, не пазналі, а потым позна было перадумваць. Ах, навалач! Вось ужо я Івану скажу. Па Шчалканаву Сашку — брат ягоны Сенька, таксама ў Багатырова ў работніках — Сібір плача*. Дый гэтыя, Васька з Міхайлам, іншага не вартыя. Ведаеш, што яны аднойчы зрабілі! Па шашы ідзе на сяло Іванаўскае, што за звярынцам, на фабрыку, абоз з пражай. Мужыкі ідуць ля першага каня. То гэтыя чэрці прыстроіліся непрыкметна ды два вазы зварацілі і павялі. Мужыкі не заўважылі, а потым спахапіліся ды, з дручкамі, на Багатыроў двор. Міхайла стаіць ля варот. Тыя дзяруцца ў двор, а ён вароты на сабачы двор адчыніў, а там каля сотні псоў, ды работнікі падышлі з нажамі і па хвартухах кроў цячэ. Мужыкі, ясна, пайшлі. Дый то, нават калі б пусцілі іх абшукаць двары — нічога б не атрымалася. Там, у Івана, на «скверным» двары, ямы. Падлу абдзёртую туды скідаюць і засыпаюць, а потым, як мяса згніе, выбіраюць косткі. І кожная яма на тысячу конскіх тулаў.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|