Страница:
95 из 129
Сярод усяго гэтага ашалелага зброду быў спакойны толькі адзінпаджылы чалавек з рэзкім тварам. Ён непарушна курыў доўгі цыбук. Хлопчык год дванаццаці* стаяў ля яго, з жахам назіраючы за шалёнымі скачкамі жывёлы.
* Будучы вядомы спявак, збіральнік народных песень і белетрыст Павел Іванавіч Багатыроў (1849-1908).
— Здароў, Іван, — сказаў Чыўін. — Што ж гэта твае людзі?…
— Чакай, — сказаў Багатыроў. — Потым.
— Цяценька, — сказаў хлопчык. — Не загадвайце вы… Не трэба.
— Гэх, Паўлуха, нічога ты не разумееш. Гэта — грошы… Гро-шы.
Хлопчык замаўчаў. Алесь спаймаў ягоны позірк і ўсміхнуўся яму. Той адказаў рахманай, але ў чымсьці ўжо і зухаватай багатыроўскай усмешкай.
Чыўін соп, з гневам пазіраючы на гаспадара. Церабіў клінаватую бараду.
Бык раптам памчаў па крузе. Выцягваўся ў паветры, дугою выгінаў хвост. І па крузе, разам з ім, выбухаў і згасаў захоплены рык.
— Звер! Звер! — крычала публіка.
Алесь бачыў сотні людцаў, чырвоных, ашчэраных, з потнымі бліскучымі тварамі, бачыў прыліплыя да скроняў валасы, мятыя дваранскія шапкі, паддзёўкі, фартухі мяснікоў, выцягнутыя ў паветра рукі.
— Звя-ры-нуш-ка!
— Ух ты, ільсняны мой!
— Баг-гатыроў, до ўжо! Спускай сабак!
— Радавых давай, чыстакроўных!
Звер роў.
|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|