Адступник, або Затлумлёны дух (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
15 из 23
Так iшлi днi i днi, i я ўжо амаль не адрознiваў iх адзiн ад аднаго, нiбыта яны расплаўлялiся ў сляпучай спякоце i ўяўным дрыжаннi салёных сцен, цячэнне часу злiлося ў адзiн невыразны плёхкат, з якога выляталi, праз аднолькавыя iнтэрвалы, крык авалодання i стогны ад болю, адзiн доўгi бясчасы дзень, над якiм панаваў уладарны фетыш, як дзiкае сонца над маiм домам, збудаваным са скал, i цяпер, як тады, я плачу ў няшчасцi i ад жадання, мяне спапяляюць надзея i злосць, i я прагну здрадзiць, i лiжу рулю ў стрэльбы, i лашчу яе душу, недзе там, усярэдзiне, яе душу, толькi ў стрэльбаў ёсць душы, о, сапраўды, у той дзень, як яны адрэзалi мне язык, я навучыўся любiць неўмiручую душу нянавiсцi!
Якая каша, шаленства, хр-р-р, сп'янелы ад спёкi i гневу, я ляжу, распластаны, на стрэльбе. Хто яшчэ дыхае тут? Я не магу больш трываць гэтай спёкi, якая, здаецца, нiколi не скончыцца, о, гэтае чаканне, я мушу яго забiць. Нi птушкi, нi калiва кволай травiнкi, камень i пустое высушлiвае жаданне, цiшыня, i iх крыкi, i гэты язык, што гаворыць ува мне, i з той пары, як яны мяне знявечылi, доўгая, панурая i спустошаная пакута, пазбаўленая нават росных ночаў, тых ночаў, пра якiя я марыў, зачынены разам з фетышам у сваiм салявым бярлогу. Толькi ноч, з яе свежымi зорамi i змрочнымi вадазграямi, магла ўратаваць мяне, выдраць нарэшце ў злых чалавечых багоў, але я быў заўсёды зачынены i не мог на яе паглядзець. Калi той яшчэ будзе пазнiцца, я тады ўбачу яго сам, ён уздымецца над пустэльняй i захiне сабой небакрай, звiсне з прадоння азмрочанага зенiту залатою халоднаю гронкай, з якой я ўдосталь змагу папiць, арашу сваю чорную, ссохлую пашчу, якую даўно ўжо не асвяжае жывая i мяккая плоць, я змагу нарэшце забыць пра той дзень, калi дурасць пацягнула мяне за язык.
О, як было горача, горача, раставала соль цi, прынамсi, мне так здавалася, паветра рэзала вочы, i тады ўвайшоў шаман, без маскi. За iм, амаль зусiм голая, у адной шаравай анучы, iшла жанчына, яе твар, пакрыты татуiроўкай, ад якой ён рабiўся падобны да маскi фетыша, не выяўляў нiчога, апроч нейкага злога, iдальскага здранцвення.
|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|