Адступник, або Затлумлёны дух (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
17 из 23
Маладая нянавiсць аднойчы паднялася разам са мной, падышла да дзвярэй углыбiнi, адчынiла iх i зачынiла ў мяне за спiнай, я ненавiдзеў сваiх, у глыбiнi гэтай нары, дзе я апынуўся, перада мной стаяў фетыш, i цяпер я не толькi памалiўся яму, я паверыў у яго i адкiнуў усё, у што верыў дагэтуль. Збавiцель, ён быў моц i магутнасць, яго можна было зруйнаваць, але абярнуць у сваю веру - нiколi, ён глядзеў паўз мяне, над маёй галавой, пустымi, праржаўленымi вачыма. Збавiцель, ён быў уладар, настаўнiк, адзiны ўсявышнi пан, неаспрэчным адметным знакам якога заўсёды была злосць, а добрых настаўнiкаў, добрых уладароў - наогул няма. Першы раз, пасля столькiх зняваг, калi ўсё маё цела крычала ў адзiнай пакуце, я аддаў сябе цалкам яму i ўхвалiў яго люты парадак, у ягонай выяве я ўславiў злосць, на якой непахiсна грунтуецца светабудова. Палонны ў ягоным царстве, у гэтым бясплодным горадзе, выразаным у салёнай гары, аддзеленым ад прыроды, пазбаўленым мiмалётных i рэдкiх цвiценняў пустынi, адлучаным ад усякiх выпадкаў i ласкi, неспадзяванага воблака, кароткага i раз'юшанага дажджу, якi ведаюць нават пяскi, нават сонца, у гэтым салёным горадзе, спарадкаваным уладарным загадам, з прамымi кутамi, квадратнымi пакоямi i нязломнымi жыхарамi, я сам па сваёй волi зрабiўся яго поўным нянавiсцi i пакутнiцкiм грамадзянiнам, i закрэслiў стагоддзi гiсторыi, якой мяне навучалi.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|