Адзинокае дрэва (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
1 из 5
---------------------------------------------
Колас Якуб
Адзiнокае дрэва (на белорусском языке)
Якуб Колас
Адзiнокае дрэва
Гэта было самае звычайнае Дрэва. А калi яно i зварачала на сябе ўвагу, то хiба толькi тым, што стаяла адзiнока. Але той, хто пранiклiва чытаў кнiгу прыроды i ўглыбляўся ў яе жыццё, яшчэ заўважыў бы, што гэтае Дрэва, апроч свае адзiноты, мела нешта чыста сваё асаблiвае - тое, што належала толькi яму аднаму. Нават агульны выгляд яго твару - бо i дрэва мае свой воблiк - меў характар цiкавай асаблiвасцi. А як такiх шчырых i пранiклiвых знаўцаў або зусiм не было, або было надта мала, то нiхто не зварочваў на яго ўвагi, i яно стаяла тут закiданае i крыху зняважанае людзьмi.
Спярша нават здавалася, што гэта закiданае адзiнокае Дрэва стаяла збоку жыцця - больш гiбела, чым жыло, а на праўду выходзiла, што яно жыло шмат паўней i глыбей пачувала жыццё нават ад тых дрэў, што раслi ў лесе. Такi ўжо характар адзiноты: гэта яе ўрода, яе iстота. I хто хоча жыць паўнейшым жыццём i гастрэй пранiкаць у яго тайны-глыбiнi, той павiнен быць адзiнокiм i незалежным.
Адзiн толькi Вецер любiў часта варушыць лiсцё гэтага Дрэва, гойдаць яго галiнкi i шаптаць яму хiтра-лiслiвыя напевы. Толькi Вецер, - хоць i часта ён дзьме ў пустых галовах, - умее быць сталым, умее маўчаць.
Праўда, крумкач-гарапашнiк не адзiн раз чуў тыя размовы-шэпты Ветра i Дрэва. Але крумкач залiшне важны для таго, каб разносiць чужыя гутаркi па свеце, хiба так, знячэўку, прагаворыцца калi.
|< 1 2 3 4 5 След. >|