Бяздонне (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
10 из 11
Калi што было на твары гэтага быўшага чалавека, дык гэта слабы адбiтак нейкага як бы непаразумення перад тым, што з iм рабiлася. Але вiдаць - гэта ўнутранае, несвядомае, бяспамятнае.
Як знiмалi яго з воза, галава яго абвiсла ўнiз, i толькi ў тую хвiлiну з'явiлася ў мерцвяку нешта такое ў яго земляной постацi, што, перавёўшы на жывога чалавека, сказала б:
- Вось надышло нешта надзвычайнае, вялiкае, як увесь свет, як усё разам, што iснуе. Яно здарылася са мною адным, прымусiла людзей нешта рабiць са мною, а я павiнен маўчаць...
I тады сярод жывых было тут вось што.
Рабочыя затаiлi на тварах выраз дзелавых людзей, перамешаны з пачуццём як бы нейкай ненармальнасцi вакол iх.
"Вось тут трэба нешта рабiць", - гаварылi iх твары.
- Вось, брат, высушыла яна яго, - сказаў адзiн.
- Тут пазнаюць, колькi i як яна яго сушыла.
- Эх ты, лiха на яго!
- Лiха. Тут возьмуцца за гэтае лiха.
Алёша паглядзеў на мерцвяка i закалацiўся ў нечым знаёмым ужо, але большым па сваёй сiле.
"Хоць бы не стаяць тут мне на адным месцы, а рабiць што тут", гаварылi ўсе яго пачуццi.
I больш:
"Цераз гэтага мерцвяка, цераз многiх iх, навукаю, да процiлеглага таму, што ў гэтым мерцвяку. Вось што тут ёсць, дзе я стаю цяпер i што бачу".
Жалезнае, нястрыманае жаданне дзейнасцi сцiснула ў адзiн жмут пачуццi. Хацелася Алёшу разам з усiмi студэнтамi напружыць свае сiлы для карыснай працы.
I тады Алёша глянуў на Андрэя Стронiна.
Той стаяў паводдаль, сагнуты, мiзэрны. Быў роспач у яго вачах. Здавалася - гiне гэты чалавек.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|