Бяздонне (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
8 из 11
I было ў яго пачуццё таго, што ўсё ў жыццi добра: вось скончыць некалi ён унiверсiтэт,тады, як асаблiва ясна за апошнiя днi зразумеў ён, пашлюць яго з запасам ведаў на працу, i ён будзе рабiць вялiкую справу, патрэбную для ўсiх.
I тут жа набеглi думкi аб тым, што дома, там, дзе бацька быў заплакаў, калi ён ад'язджаў у гэты горад, - там людзi як бы не прабавалi той радасцi, якая вакол iх захована, ды не ўзнята яшчэ для жыцця ўся; што не бачылi там людзi яшчэ той шырынi, якая ў жыццi i якую ўжо адчуў ён, Алёша, на студэнцкiх сходах i лекцыях...
"Вось там я прылажу сваю працу", - радасна падумаў Алёша i, вясёлы, скрыпнуў дзвярыма.
А Андрэй Стронiн думаў:
"Што ў жыццi радаснага? Вось скончу я ўнiверсiтэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамi, ноччу спаць, але што з гэтага? Яно ўсё будзе iсцi, заплятаючыся за службу, за нейкiя абавязкi перад гэтым самым жыццём, але ў чым яго радасць? Што мне з таго, што я вось цяпер стаю тут пры акне? Дзе тая глыбiня, якая напоўнiла б мяне сабою, страсянула б усю маю iстоту нечым тым настаяшчым, штоб я ўрос для хваляванняў жыцця?"
I тады прыпомнiлася Андрэю Стронiну, як адзiн раз, у перарыў мiж лекцыямi, адзiн яго блiзкi сябар запытаў:
- Цi бачыш ты перад сабою калi што-небудзь для сябе светлае ў жыццi?
У Стронiна была ў руках тоўстая кнiга. Ён прыставiў яе к вачам i сказаў:
- Вось як бачу свет скрозь гэтую кнiгу.
* * *
Радасць у Алёшы была шырокаю, яна была як бы адчуванне самога факта iснавання. Тут як бы выяўлялiся ў Алёшы нейкiя пласты вялiкай жыццяздольнасцi, нязжытыя, нячэпаныя.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|