Бяздонне (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 7 из 11



I здавалася яму тады, што людскiя галасы, якiя ён чуе на двары i па-за сценамi сваёй кватэры, шчырая вясёласць рабочых, радасны твар Алёшы, нават крык вераб'ёў каля пыльнага зелля пры сценах на двары - усё гэта ад яго далёка. Яно не праходзiць скрозь яго iстоту, не знаходзiць там нiчога сабе падобнага. Яно з'яўляецца як бы другiм светам.

Ён i сам не мог сказаць - добра гэта для яго цi кепска, патрэбна яму цi непатрэбна. Больш усяго было да гэтага ў яго абыякасцi.

А калi ўжо абыякасць для чалавека ўжо ва ўсiм тым, што на кожным кроку ў жыццi, калi не чапае яно iстоты, калi не здавальняе чалавека хоць бы тымi думкамi, калi не пачуццямi, у якiх прыходзiцца над iм бiцца, - то няма таму чалавеку радасцi непасрэдна ад жыцця, а загэтым i жыццё не ёсць жыццё.

Вось што было ў Андрэя Стронiна.

Падазваў ён раз да сябе к акну Алёшу, як той iшоў са станцыi. Глядзеў Стронiн на Алёшу звысоку, як стары студэнт, i зразу запытаў, сур'ёзна i панура:

- Чаго вы так рады заўсёды?

- А чаго я рад? - таксама запытаў у непаразуменнi Алёша.

- А мне здаецца, што вы заўсёды як бы ў нейкай вясёласцi.

- Здаецца, не. Я заўсёды так, як звычайна для мяне.

- Не... Вы нiколi не думалi аб гэтым... Што вы бачыце перад сабою светлае?.. Што вы будзеце рабiць, скончыўшы ўнiверсiтэт?

- Як што? Жыць, працаваць.

- А ў чым жа, па-вашаму, жыццё?

Алёша маўчаў.

I тады абодвум стала нялоўка. Алёша пастаяў i моўчкi пайшоў у сваю кватэру.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]