Бяздонне (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 6 из 11



III

Процi кватэры Алёшы, побач з домам, дзе жывуць рабочыя, на тым самым двары, у чысценькiм зялёным домiку, у асобным пакоi жыў студэнт трэцяга курса Андрэй Стронiн.

У блiжэйшым павятовым горадзе жылi яго бацькi - быўшыя багатыя мяшчане, брат жа яго, уласнiк вялiкага мануфактурнага магазiна ў адным з паўднёвых гарадоў, прысылаў яму многа грошай; затым Андрэй Стронiн не хадзiў на станцыю, як Алёша, нагружаць i разгружаць вагоны, а ў чысценькiм новым фрэнчы па цэлых днях сядзеў у сябе дома.

Як Алёша выходзiў ранiцаю на станцыю, Андрэй Стронiн яшчэ спаў, заўсёды тады Алёша бачыў шчыльна завешанымi вокны яго пакоя.

Уставаў Андрэй Стронiн а гадзiне адзiнаццатай i хадзiў па пакоi з кутка ў куток.

У яго былi свае думкi: яны не былi настойнымi i ўпартымi, яны былi нейкiмi вялiкiмi. I, можа, гэта затым, што не прывык ён з маленства сур'ёзна думаць, што не бачыў ён у жыццi нiякiх пакутных здарэнняў, над якiмi трэба было б доўга думаць, наогул не прыходзiлася яму нiчым глыбока, густа канцэнтраваць вакол чаго-небудзь думкi свае.

Дзяцiнства яго i першая маладосць прайшлi бесклапотна ў багатых бацькоў. I цяпер, ва ўнiверсiтэце, ён акуратна атрымлiваў ад брата кожны месяц пэўную суму грошай i мог увесь час аддаць навуцы. Ды толькi не было гэтага ў яго.

Замест гэтага было ў яго часта ў пачуццях i думках, хоць i там i тут неглыбока, нешта такое, што прымушала яго перажываць вялiкую разачараванасць ва ўсiм. У такiя, частыя, хвiлiны ён лажыўся, накрываў голаў падушкаю i стараўся заснуць. Пасля ж гэты настрой рабiўся менш вострым i цягнуўся раўней. Ён адчыняў акно i глядзеў на двор.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]