Цвиркун (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 5 из 6



Як нам ужо вядома, найважнейшая i самая паважаная асоба ў тутэйшыхмясцiнах быў вецер. Вiдаць, яму снiлiся нядобрыя сны, бо, прачнуўшыся, ён сярдзiта пазяхаў i адчуваў сябе пагана. Ён зусiм забыўся пра цвiркуна i пра свае пахвальныя словы яму. Ды гэта i не дзiва: у ветра няма вытрыманай сталасцi. Сягоння ён дзьме з аднаго боку, заўтра з другога, а то i зусiм зацiхае. Нездарма ж кажуць аб людзях, што мяняюць свае погляды: у яго сем пятнiц на тыднi або ў галаве яго вецер ходзiць.

Было яшчэ цёмна. Ледзь-ледзь на свет займалася, калi прачнуўся вецер. I трэба ж было цвiркуну ў гэтую нядобрую хвiлiну распачаць сваю песню. Агорнуты славаю, цвiркун цвiркаў ва ўсю моц, ад гэтага песня яго страчвала сваю мяккасць i лiрычнасць. Вецер прыслухаўся.

- Каго ж гэта так рана чэрцi дрэнчаць? - прамовiў ён сам сабе i дадаў: Свяргоча, скрыпiць, як нямазанае кола на нямазанай дубовай восi з нямазаным падоскам.

Якраз на гэтую пару там пралятала сава-начнiца.

- А гэта, ваша мосць, цвiркун так спявае, - пачцiва адказала сава-начнiца.

- К чорту! - зашумеў вецер. - Ляцi, скажы гэтаму скрыпуну, каб заткнуўся!

Сава паляцела, а летучы выгуквала:

- Кi-гi! кi-гi! Хо-хо-хоо!

Ёй заўсёды было весела, калi хто з блiзкiх або знаёмых зрываўся з высокага месца i кацiўся ўнiз. Падляцеўшы да цвiркуна, сава загалёкала:

- Заткнiся! заткнiся! сцiхнi - так сам вецер казаў!

Саве хацелася нагаварыць шмат болей, але недалёкi ўсход сонца палохаў яе, i яна спяшалася ў сваё цёмнае дупло. Словы ж яе зрабiлi сваю справу.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]