Казки (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
62 из 92
- Успомнi, -сказаў Матылёк, - успомнi, што я магу зрабiць, калi тупну нагою!
- Я табе анi не веру, - адказала Матылiха, - i я была б рада паглядзець, што ў цябе з гэтага выйдзе! Тупнi! Тупнi! Калi ласка, тупнi!
- Я абяцаў Сулейману-iбн-Дауду не тупаць, i я не хачу парушаць сваё слова.
- Колькi нi тупай, усё адно нiчога не будзе. Нават маленькая травiнка i тая не зварухнецца. Чаму ж ты не тупаеш? Тупнi! Тупнi! Кажу табе: тупнi!
Сулейман-iбн-Дауд сядзеў пад камфорным дрэвам, чуў кожнае слова i смяяўся гэтак, як яшчэ нiколi не смяяўся.
Ён забыўся пра царыц, ён забыўся пра Звяругу, што выплыў з марской глыбiнi, ён забыўся пра сваё самахвальства. I Балкiда, стоячы за дрэвам, таксама смяялася, бо яе каханаму было гэтак весела.
Але вось Матылёк, злосны i ўсхваляваны, зноў спусцiўся пад камфорнае дрэва i сказаў Сулейману-iбн-Дауду:
- Яна хоча, каб я тупнуў. Яна хоча паглядзець, што з гэтага выйдзе. О Сулейман-iбн-Дауд, ты ж ведаеш, што ў мяне нiчога не атрымаецца! I цяпер яна ўжо нiколi не паверыць нiводнаму майму слову i будзе смяяцца з мяне да канца маiх дзён.
- Не, о браце мой, - сказаў Сулейман-iбн-Дауд, - гэтага не будзе, абяцаю табе.
I ён пакруцiў на пальцы пярсцёнак (толькi для таго, каб дапамагчы Матыльку, а не для таго, каб пахвалiцца сваёю ўсемагутнасцю), i як згледзець вокам чатыры вялiзныя Джыны ўзнiклi перад iм з-пад зямлi.
|< Пред. 60 61 62 63 64 След. >|